«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНА-МАСТА́ЦКАЯ КАМУ́НА»,

літаратурнае аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала з вер. 1927 да крас. 1928. Створана ў выніку выхаду з «Маладняка» групы маладых пісьменнікаў. Ініцыятар стварэння П.​Шукайла. Чл.: А.​Атава (Канановіч), П.​Броўка, У.​Варава, Я.​Відук (Я.​Скрыган), Ю.​Лявонны (Л.​Юркевіч), У.​Прыбыткоўскі, Я.​Сукала, М.​Шалай і інш. Існавалі літ. гурткі камуны пры Полацкім і Магілёўскім педтэхнікумах, у вёсках Случчыны і Полаччыны. Захапляліся футурызмам, арыентаваліся на ЛЕФ і творчую практыку У.​Маякоўскага ў форме вонкавага пераймання. Выдала 2 нумары час. «Росквіт» (1927—28). Самаліквідавалася, члены яе зноў увайшлі ў «Маладняк».

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця: Літ. ўспаміны, сустрэчы, шляхі. Мн., 1979. С. 10—18.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)